Ты скажы мне толькі Слова
З маленства я была прыкладам ці не ідэальнай дзяўчынкі-каталічкі: штодзень – малітва, штонядзелю – Святая Імша, штомесяц – рахунак сумлення і споведзь, пілігрымкі, начныя чуванні, фестывалі, майстэрні… Але за ўсімі гэтымі падзеямі доўга не магла адчуць Госпада сэрцам, пачуць сваё імя і ўзрадаваным дзіцем кінуцца ў Яго абдымкі. Я вельмі пакутавала з-за гэтага, зайздросціла людзям, што маглі адчуваць Яго прысутнасць у Эўхарыстыі, наракала, плакала, пытала: “Чаму, Божа? Чаму яны чуюць твой голас, а я – не?”… Я прымала ўдзел ва ўсіх набажэнствах, як і раней, але хутчэй па інерцыі, чым ад шчырага сэрца. У душы было цёмна і холадна, крыўда на Госпада з’ядала мяне.
І аднойчы ксёндз запрасіў мяне ў невялічкую парафію – там патрабавалі музычнай дапамогі ў правядзенні малітвы праслаўлення. Нягледзячы на тое, што абставіны не дазвалялі паехаць, дала згоду, чым сябе ж і здзівіла. Але на тое была Яго воля…
…Бліжэй да заканчэння малітвы ўдзельнікі маглі па чарзе падысці да Найсвяцешага Сакрамэнта і сказаць Яму ўсё, што ёсць на сэрцы. Я пайшла адной з апошніх. Укленчыла. Некалькі хвіль разгублена глядзела на Яго, не ведаючы, што сказаць і як… Але пасля звярнулася тымі словамі, што прамаўляюцца падчас Святой Імшы перад Камуніяй: “Пане, я не вартая, каб Ты прыйшоў да Мяне, але скажы толькі слова – і будзе аздароўлена душа мая”. Яны ішлі з майго сэрца самі, хваля за хваляй, раз за разам… І Ён вымавіў тое збаўленчае Слова! Ён прыйшоў да мяне!.. Я стаяла перад Ім у слязах, узрушаная, шчаслівая. Сапраўды шчаслівая.
І з таго моманту я цвёрда ведаю, я адчуваю: Госпад заўжды вакол нас і разам з намі! Ён – у кожным пераліве харалаў і малітваў Тэзэ, у гітарных арпеджыа спеваў праслаўлення і піцыката аркестраў. Ён – у Слове, што было спачатку; у яго гучанні і сэнсе, у яго прызначэнні і існаванні, у самых розных яго формах – у лірычных радках і сакавітай прозе. Ён – у сіні нябёсаў, у лёгкім павеве язміну і ліп, у трапятанні асінавых лісточкаў і водары свежага сена, у зумканні чмяля і клёкаце буслоў, у натапыраных голках вожыка і няўрымслівасці рудога кацяня. Ён – у вачах дзіцяці, ва ўсмешцы мінака, у слёзах маці і моцных бацькавых руках…
Госпад у абліччы кожнага чалавека штохвілю, штоймгненне прыходзіць з адзіным жаданнем – зрабіць цябе па-сапраўднаму шчаслівым! Адкрый сваё сэрца на Яго дабрыню, міласэрнасць і ласку! Азірніся вакол, абдымі свайго бліжняга і скажы, што любіш! І ўзлюбі!… Перад табою адкрыецца дзівосны свет, поўны Нябесным святлом, бязмежнай радасцю і непадробным шчасцем. І ў кожнай кропельцы дажджу, у спевах салаўя і ў кожным, кожным чалавеку ты ўбачыш Яго – Любоў, што узносіць над слабасцямі і грахом, Любоў, што ахінае цеплынёй і спакоем, упэўненасцю і моцай, Любоў, якая, быццам верны маяк, накіруе цябе той самай дарогай да вечнага жыцця ў Нябесным Валадарстве.