Jan Piatlicki

Baranavichy, Belarus

Ведаю я, што Ты заўсёды са мной

Менавіта гэтымі словамі сканчваецца адна з хрысціянскіх песень, якую мы выконвалі гуртом на фэстывалі хрысціянскай музыкі ў сваім родным горадзе Баранавічы. Каля 1000 чалавек тады прысутнічалі ў залі Дома Культуры на гэтым канцэрце праслаўлення. Па словах некаторых з слухачоў мы даведаліся, што гэты выступ вельмі ўзрушыў людзей. І ня толькі моладзь. Старэйшыя людзі таксама выходзілі і казалі: “Слухайце, такі файны канцэрт! Мне аж у храм схадзіць захацелася!” :)

І якраз у гэты момант да мяне асабіста прыйшло разуменне таго, для чаго я існую. Бо нарадзіўся я ў сям’і практыкуючых каталікоў, таму ў святыні быў пастаянным госцем з малых гадоў. Я заўсёды адчуваў прысутнасць Бога ў маім жыцці. Спачатку як добрага таты, які заўсёды даваў сваю руку, калі ўпадзеш. Потым, стаўшы падлеткам, як лепшага сябра, з якім нават пагутарыць шчыра можна. Але чым я мог аддзячыць Пану Богу за гэтую бясконцую любоў?

Першае, што прыйшло да галавы, – гэта заўсёды быць побач з Ім. У радасці і смутку. У дасягненнях і няўдачах. Малітва, святыя сакрамэнты, рэгулярнае наведванне касцёла – вось тыя лекі, якія дапамагаюць мне змагацца з цяжкасцямі жыцця і са сваімі дрэннымі звычкамі. А яшчэ сям’я. Бо толькі супольнасць, якая падзяляе твае погляды і хоча табе толькі самага лепшага, можа накіраваць цябе на шлях да праведнасці. Зразумела, узнікаюць цяжкасці. Нават непаразуменні паміж табой і Усемагутным Богам. І праз гэта я ня раз праходзіў, і яшчэ ня раз прайду. Але нават у цяжкіх момантах трэба заўсёды заставацца побач з Езусам.

Другое – гэта тыя таленты, якімі надзяліў мяне Пан Бог. І якімі ты мусіш праславіць Яго перад іншымі людзьмі. Для мяне – гэта музыка, якую я чую з маленства, дзякуючы маме-арганісту. А яшчэ яна – выдатны настаўнік, якая аддала мяне ў музычную школу. Парафіяльнага гурта ў нас не было, і тут з’явіўся малады вікарый – кс. Аляксандр, які арганізаваў нашу моладзь. Так я знайшоў спосаб праслаўляць Езуса ня толькі песнямі іншых людзей, але і сваімі песнямі, напісанымі згодна са сваім жыццёвым досведам.

Цяпер я дзялюся з вамі, шаноўныя сябры, сваім сведчаннем. Сведчаннем аб сустрэчы з Езусам, які заўсёды з вамі. І заўсёды са мной. Таму я працягваю свой асабісты шлях да неба. А таксама ўдасканальваю свае музычныя веды, каб яшчэ нашмат больш людзей даведаліся аб гэтай бясконцай любові. Любові, якую даў нам Айцец. 

 

— Read more —
Contact me Learn more about Jesus

Similar stories