Імя мне - Жыццё
Я была звычайнай дзяўчынай са звычайнымі марамі – хацела стаць скрыпачкай, добра выйсці замуж і мець шмат дзяцей. Любімая сям’я, верныя сябры, заняткі ў музычнай вучэльні – усё было цудна! Але… часам надараліся хвіліны, калі здавалася, што маё жыццё не мае сэнсу, што сама я – толькі нікчэмная парушынка ў гэтым агромністым свеце, што я нічога не вартая. Цешыла тое, што гэтыя моманты цягнуліся нядоўга. Я намагалася пазбыцца гэтых страшных думак як хутчэй і пераключыцца на штосьці іншае. І ўсё было як раней…
Да таго́ дня. У пятнаццацігадовым узросце я трапіла на аперацыйны стол. Тады ўпершыню ў мяне з’явіліся думкі пра тое, што магу памерці і там убачыць Бога. А я зусім не ведала Яго! Што я магла б сказаць Яму пры сустрэчы?.. Гэта было вельмі непрыемна. Я баялася і моцна злавала на сябе за тое, што за ўсё сваё жыццё нічога не даведалася пра Бога і нават не пацікавілася гэтым.
Але Ён не даў мне памерці! Я прачнулася пасля аперацыі з вострым пачуццём таго, што мне далі яшчэ адзін шанец – як ні дзіўна, але маё імя перакладаецца з грэцкай мовы як “жыццё”. Атрымаўшы такі падарунак, я вырашыла, што больш не страчу, не змарную яго. Я пачала шукаць Бога і спасцігаць Таго, хто выратаваў мяне ад смерці – цялеснай і духоўнай. Яго любоў штодня захапляла мяне. У Ім я знайшла сэнс свайго жыцця і больш ніколі не адчувала пустэчы і бессэнсоўнасці існавання, якія пераследвалі мяне дагэтуль. Але якім моцным было здзіўленне, калі Езус адкрыў мне маё асаблівае пакліканне – Ён хацеў, каб я была Ягонай, каб я належала Яму! Ніяк не магла зразумець – чаму Ён абраў менавіта мяне?.. Пазней усё праяснілася: Госпад хацеў, каб я паверыла, што Ён сапраўды любіць мяне мацней за ўсіх на свеце і ніколі не дасць мне памерці ў самоце. З Ім я буду жыць вечна!
Калі ты не ведаеш, для чаго існуеш, калі не хочаш больш жыць, бо не бачыш у гэтым сэнсу, то спытай Бога, для чаго ты створаны, якія цудоўныя рэчы Ён прыгатаваў для цябе… Абяцаю – Яго адказ зменіць тваё жыццё цалкам і назаўжды!