Jana Szumska

Mohylew, Belarus

А што калі вера - таксама талент?

Я вучуся ў Акадэміі музыкі на дырыжора-харавіка і працую ў музычнай школе. Вучу маленькіх дзяцей спяваць. За час сваёй вучобы і працы я пазнала, што кожны чалавек мае музычны слых. Кожны! І гэта даказана навукоўцамі.Але чаму так атрымліваецца, што не кожны ўмее ім карыстацца?

Я думаю - гэта таму, што не кожны нават ведае, што ён валодае музычным талентам. Ну паглядзіце самі: людзі нараджаюцца, растуць... і амаль усе дзеці спяваюць! Хтосьці лепш, хтосьці горш, але УСЕ дзеці спрабуюць спяваць. Далей шмат залежыць ад бацькоў: ці яны аддаюць сваіх дзяцей у музычную школу, ці не. І вось там, калі ўжо дзеці трапляюць у музычную школу, яны ўжо вырашаюць, ці развіваць ім свой талент, ці папросту ім пакарыстацца і кінуць, бо ён непатрэбны ў жыцці. Ну і тады гэты талент, калі ім не карыстацца, не развіваць яго, ён ляжыць недзе ў "шуфлядцы" і папросту гіне.

І аднойчы я задумалася: а што, калі вера - таксама талент? Што, калі мы ўсе нараджаемся з аднолькавым талентам веры? Ён ёсць у кожнага, але не кожны пра яго ведае? Атрымліваецца тое самае. Мы нараджаемся, і далей шмат чаго залежыць ад нашых бацькоў: ці яны развіваюць наш талент веры. Далей мы вырастаем і вырашаем ўжо самі, ці патрэбны нам гэты талент, ці будзем мы яго развіваць, ці будзем мы ім карыстацца.

Ёсць людзі якія практыкуюць сваю веру. Яны штодня яе трэніруюць, яны штодня моляцца, яны падтрымліваюць сваю веру праз Сакрамэнты. Ёсць людзі, якія ведаюць, што з іх ёсць гэты талент, але не лічаць яго чымсці вельмі важным і папросту "закідваюць" яго, вырашаюць не карыстацца ў сваім штодзённым жыцці. Але ёсць людзі, якія нават ня ведаюць пра тое, што ў іх ёсць гэты талент. Ну, напрыклад, ў месцах, дзе няма касцёлаў, ў месцах, дзе няма добрага прыкладу веры.

Я разумею, што нават мае сябры і мае вучні ня ведаюць, што ў іх ёсць гэты талент веры і што ён можа ім даць. І я задумалася: а як я магу ім паказаць, што ён у іх ёсць? Разумею, што ў гэтай справе, вельмі дэлікатнай, нельга выкарыстоўваць толькі навучанне, ці хадзіць па вуліцы з Бібліяй і казаць: "Навярніцеся!". Не, гэта не спрацуе ў гэтай сітуацыі. Бо сама ведаю: мяне, напрыклад, не столькі словы запальваюць, колькі ўласны прыклад. Я бачу людзей, якія мне падабаюцца, бачу іх жыццё і хачу быць падобнай да іх. І аднойчы я зразумела, што я магу прынесці святло Хрыста сваім сябрам і сваім вучням. І гэта зрабіць і проста, і скаладана адначасова. Трэба папросту жыць паводле Евангелля. Трэба несці гэта святло Хрыста ў сабе. Трэба штодня Яго адкрываць наноў. Трэба штодня яго несці людзям. Трэба папросту ззяць. Самой ззяць. Заўсёды. Кожны дзень. - добра выглядаць, заўсёды ўсміхацца, заўсёды старацца дасягнуць чагосьці большага, заўсёды развіваць усе свае таленты, страцца адкрыць штосьці новае ў сабе, адкрыць штосьці новае ў Ім. Галоўнае адкрываць штосьці новае ў Ім.

І ведаеце што? - я бачу, што гэта працуе! За некалькі год майго навучання ў Акадэміі,я бачыла некалькі цудаў навяртання! Я бачу цуды і нават цяпер. Яны не такія смелыя, не такія адкрытыя, але я заўважаю, як змяняецца свет вакол мяне, як змяняюся я сама з гэтым светам.

Што я хачу сказаць? - Нам трэба папросту трымацца бліжэй Хрыста, трэба ісці за Ім. Гэты свет будзе заўсёды старацца нас спыніць і пагасіць нашае святло. Часам мне здаецца, што ў гэтага света нават амаль атрымоўваецца гэта зрабіць у маёй душы. Але ў самы апошні момант штосьці заўсёды падтрымлівае мой агеньчык. Ён зайсёды мяне збаўляе. Ён. Езус. Я дзякую Яму за ўсе цуды ў маім жыцці і абяцаю Яму несці Яго святло да ўсіх, хто побач мяне, старацца ззяць, старацца не згаснуць і несці свае таленты ў Яго гонар. Амэн!

— Read more —
Contact me Learn more about Jesus

Similar stories